СУ́ПРАСЛЬСКАЯ ЦАРКВА́-КРЭ́ПАСЦЬ,

помнік архітэктуры 1-й пал. 16 ст. ў г. Супрасль (Польшча). Пабудавана ў 1503—11 (паводле інш. звестак у 1509—10) па фундацыі маршалка ВКЛ А.​І.​Хадкевіча і мітрапаліта кіеўскага І.​Солтана як гал. храм Супрасльскага Дабравешчанскага манастыра. У 18 ст. перабудавана. Мела рысы стыляў позняй готыкі, рэнесансу і ракако. Прамавугольны ў плане 4-вежавы 3-нефавы 6-стаўповы абарончы храм зальнага тыпу з трыма гранёнымі апсідамі. Крыжова-цэнтрычная кампазіцыя завяршалася барочным купалам складанай канфігурацыі на 8-гранным светлавым барабане. Такія ж завяршэнні мелі 4 вуглавыя вежы. Фасады падзяляліся на 3 ярусы: ніжні цокальны, аздоблены цаглянай муроўкай з трэльяжным арнаментам; сярэдні, аддзелены ад ніжняга аркатурным поясам, меў стральчатыя аконныя праёмы і люкарны ў ліштвах, завершаны машыкульным фрызам; верхні ярус — 4-франтонны складанай формы з высокімі арачнымі аконнымі праёмамі, аркатурай і інш. элементамі аздобы. Уваход быў вырашаны ў выглядзе прамавугольнага ў плане прытвора пад 2-схільным дахам, які меў байніцы і машыкулі. Цэнтр. неф быў значна шырэйшы за бакавыя. Нефы непасрэдна пераходзілі ў апсіды. У сярэдзіне 18 ст. інтэр’ер набыў ракайлевае дэкар. ўбранне: крывалінейныя ў плане хоры з ажурнай агароджай, сцены расчлянёны ляпнымі панэлямі і пілястрамі, арачныя праёмы аформлены трэльяжнай сеткай, ляпной арнаментыкай з S- і C-падобных завіткоў. Ракайлевую трактоўку набылі гал. і кулісныя алтары. У 1557 храм размаляваны фрэскамі (маст. «сербин Нектарий» і інш.), іканаграфія якіх набліжаецца да мастацтва Візантыі канца 14 — пач. 15 ст. з элементамі зах.-еўрапейскага. У 1944 ням.-фаш. захопнікі пры адступленні ўзарвалі царкву (захавалася часткова). Захаваліся рэшткі фрэсак (30 фрагментаў на слупах, якія рэстаўрыраваны ў 1964—66 і захоўваюцца ў Беластоцкім музеі). У 1999 адбудавана.

Літ.:

Шчакаціхін М. Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва. Т. 1. Мн., 1993 [рэпр. выд.: Мн., 1928];

Чантурия В.А. История архитектуры Белоруссии. Т. 1. 3 изд. Мн., 1985;

Ткачоў М.А. Замкі Беларусі (XIII—XVII ст.). Мн., 1977;

Рогов А.И. Фрески Супрасля // Древнерусское искусство: Монументальная живопись XI—XVII вв. М., 1980;

Церашчатава В.В. Старажытнабеларускі манументальны жывапіс XI—XVIII стст. Мн., 1986.

А.​М.​Кулагін, Ю.​А.​Якімовіч, В.​В.​Церашчатава.

Супрасльская царква-крэпасць. З малюнка В.​Гразнова. 2-я пал. 19 ст.

т. 15, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)